СПАРТАКА́ ПАЎСТА́ННЕ,

найбуйнейшае паўстанне рабоў у Стараж. Рыме ў 73 (ці 74) — 71 да н.э. Пачалося са змовы ў школе гладыятараў у Капуі. Гладыятары на чале са Спартаком, Крыксам і Энамаем утварылі на Везувіі ўмацаваны лагер, які папаўняўся за кошт рабоў і сельскай беднаты. Хутка атрад (каля 70 чал.) ператварыўся ў 10-тысячную армію. Пасланыя супраць паўстанцаў атрады рымлян (напачатку 3 тыс., пасля 10 тыс. чал.) былі разбіты. Паўстанне ахапіла паўд. вобласці Італіі. У 72 да н.э. рым. сенат накіраваў супраць паўстанцаў 2 консульскія арміі. У бітве каля Гарганскай гары рымляне знішчылі 30-тысячны атрад Крыкса, які аддзяліўся ад асн. арміі Спартака. Скарыстаўшы раз’яднанасць рым. армій, войска Спартака разбіла іх. Паўстанцы прайшлі праз усю Італію, у бітве каля Муціны (Паўн. Італія) разбілі армію праконсула Касія і павярнулі на Пд. Нанава набраную армію Рыма ўзначаліў Ліцыній Крас. Ён праследаваў армію паўстанцаў, не пачынаючы рашаючай бітвы. Спартак дамовіўся з піратамі пераправіцца на іх караблях у Сіцылію. Аднак, калі армія Спартака дайшла да Месінскага праліва, абяцаных караблёў не было. Спартак прарваўся праз умацаванні Краса, страціўшы каля ​2/3 арміі. Спадзеючыся пераправіцца ў Грэцыю, паўстанцы скіраваліся да Брундызія. Рым. сенат накіраваў супраць іх арміі Гнея Пампея і Марка Лукула. Асцерагаючыся аб’яднання рым. армій, Спартак даў рашаючы бой арміі Краса на мяжы Апуліі і Луканіі (вясна 71 да н.э.), але быў разбіты; сам ён загінуў у баі. Каля 6 тыс. палонных рабоў былі распяты ўздоўж Апіевай дарогі.

Літ.:

Мишулин А.В. Спартаковское восстание. М., 1936;

Карышковский П.О. Восстание Спартака. М., 1958;

Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)